• Запись изменена:27/05/2024
  • Комментарии к записи:0 комментариев
  • Время чтения:5 минут чтения

Вандраваў я апошнім часам у напрамку любага мне Браслаўскага краю з мэтай пабавіць час з вудай, і як звычайна завітаў на сваім шляху ў пару мясцін паглядзець нешта цікавае ды зрабіць некалькі здымкаў. А ўчора наведаў новы музей беларускай маляванкі ў Заслаўі. Дык вось у ім экспазіцыя, якая прысвечана творчасці Алены Кіш, мае назву «Дзіўны свет Алены Кіш».

Паглядзеў я на маляванкі Алены Кіш, Язэпа Драздовіча і іншых, часам невядомых мастакоў, і склаўся ў мяне ў галаве нейкі такі трошкі фантазійны сентыментальны фотарад жыцця ў беларускім Паазер’і на пачатку XX стагоддзя. З лёгкім архітэктурна-экзістэнцыяльным ухілам.

Вось тыповы для вёсак Паазер’я напалову замкнёны вяночны вясковы двор, які нагадвае маленькі сярэднявечны замак 🏰. Левая, паўднёвая частка – хата з сенямі, каб гаспадарам было цяплей, а правая, паўночная – гаспадарчы двор з кароўнікам. Іх злучаюць клеці, так што ўзімку не патрэбна на двор выходзіць каб патрапіць да хатняй жывёлы. Вельмі ўтульна. Гэта пакуль яшчэ жывы існуючы рэальны двор.

І ў такіх хатах над ложкамі віселі падобныя да заслаўскіх маляванкі, тым больш Язэп Драздовіч маляваў дзеля заробку менавіта ў гэтым краі. 

Маляванкі з Раем 🌼, ільвамі, казачнымі палацамі… невядома адкуль толькі натуру бралі. Можа палац гэты італьянскі недзе на дне мясцовага возера. Чаму не? Ільвы зусім не дзіва было у нашых краях, вось толькі Рай…

Раю было замала, і па гэтым чынніку прыходзілася вырошчваць бульбу, буракі, капусту ды іншую гародніну і хаваць усё гэта дабро ў склепе каля хаты. Так надзейней! Але ўсё ж не гарантавана. Таму дадаткова перад уваходам у двор стаіць вялікі агароджаны (!!!) драўляны крыж з маленькім распятым Хрыстом, які пафарбаваны срэбнай фарбай, бо гэта ж Божа наш… Залатой не было 😉.

І што вы думаеце? Кожную вясну бліжэй да Хрыста прылятаюць буслы і на суседнім слупе гадуюць сваіх буслянят. Нездарма гэта ўсё. Можа буслам лепш відаць: дзе Рай, а дзе – не зусім.

А на ўскрайку гэтай маленькай вёскі ўздоўж возера стаяць, як ахоўнікі, лазні. Дык вось вы ўжо нават і ведаеце, колькі хат у вёсцы 😉. Ну можа трошкі больш, бо не ўсе пабудовы трапілі ў кадр. І каля кожнай лазні сходні да возера, масткі, ды амаль усюды лодка, таму што не бульбай адзінай жыве беларускае Паазер’е! Памятаеце, што было на стале ў Хрыста падчас Тайнай Вячэры? Печанай бульбы не было, а вось вэнджаны вугор ці смажаны лешч – гэта ўжо бліжэй да ісціны. Грыбоў таксама не было, і нават не прасіце. Тут іх, безумоўна, да халеры, а ў Хрыста не было. Нічога не зробіш.

І хоць невялікая вёска, а пан свой, дарэчы, тут быў. Не Леў Сапега, канешне, але Іосіф Вайцяховіч. Ці Эдвард. Гучыць таксама няблага. І ў самой вёсцы на ўзвышшы стаіць панскі дом. Дакладней кажучы, стаяў. І ён зусім другі быў, не падобны на сялянскія хаты. Ніякіх клецей ці гаспадарчых прыбудоў. Хутчэй за ўсё гэты дом складаўся з двух зрубаў. На сядзібу ён не цягнуў, але быў прамы, драўляны, досыць доўгі, з невялікім ганкам, унутры атынкаваны, меў дзве асобныя грубкі (невялікія печкі) у кожным крыле і жалезны дах, замацаваны старымі гранёнымі цвікамі. Амаль усю правую палову дома займала вялікая зала з комінам, дзе гаспадары сустракалі паноў-сяброў з супрацьлеглага берага возера. Гаспадарчыя пабудовы стаялі недзе асобна, каб не псаваць агульны выгляд маёнтка.

На парк высілкаў не хапіла, але некалькі старых высачэзных лістоўніц узвышаюцца над астатнімі дрэвамі і ўпрыгожваюць маёнтак да гэтага часу. Ды і навошта тым панам парк? Тут усюды нацыянальны парк. Але паны таксама хацелі Раю, таму, як і ўсе вяскоўцы, зрабілі склеп, але па- іншаму – непасрэдна пад домам, а бульбу ў яго засыпалі звонку. То бок пры такім ноу-хау Рай відавочна трохі бліжэй, чым калі склеп стаіць асобна.

«Ну і дзе той дом?» – спытаеце вы. «Там жа, дзе і паны» – адкажу я вам. Няма паноў, няма і панскіх дамоў. Такі вось дыялектычны матэрыялізм. Не, спачатку дом быў, і меў шанец ператварыцца ў школу, бібліятэку ці ў дом рыбака. У ва што заўгодна. Але пашчасціла рыбакам. Побач нават збудавалі драўляную альтанку, бо рыбакам з панскага дому возера не бачна, а з альтанкі, калі прыглядзецца, то можна, калі не ўбачыць, то ўявіць яго сабе пасля трэцяй чаркі. А якія зоркі можна ўбачыць ноччу на летнім небасхіле! Абсалютна тыя ж самыя, што бачылі Вайцяховічы, і якія адлюстраваў на сваіх маляванках Язэп Драздовіч. Адзін у адзін. Цуд. ✨

Потым панскі дом унутры і часткова звонку абшалююць дошкамі, а далей, калі спатрэбіцца капітальны рамонт, вырашаць, што танней знесці гэту пабудову. Прабачце – дом рыбака. Знеслі. Няма дома рыбака, няма і рыбакоў. Такі вось дыялектычны матэрыялізм. А буслы ёсць. Такі вось Божы промысел.

Гэты промысел усё ж пакінуў тут і некаторых заможных паноў побач са сваімі вяскоўцамі. Назаўжды. Таму калі вы наведаеце вясковыя могілкі, то безумоўна даведаецеся, Сапегі гэта былі ці якія-небудзь больш сціплыя, але не менш ганарлівыя шляхцічы…

Ну а пакуль людзі жылі, яны кожную нядзелю падарожнічалі са сваёй маленькай вёскі ў суседнюю вялікую. Бо трэба хадзіць да Бога ў храм! Вось, напрыклад, у такі, як касцёл Сэрца Ісуса ў Слабодцы. Мясцовы Сакре-Кёр. 

Ён як курынае яйка, звонку белы, а ўнутры – жоўты. Цікава. Шматсэнсоўна. Таму што яйка – гэта сымбал пачатку жыцця 🐣. Ну то бок, магчыма тваё жыццё пачынаецца толькі тады, калі ты да касцёла прыйдзеш. Сэрцам, а не нагамі. Паны, дарэчы, дакладна сюды хадзілі, але ужо як, я не ведаю. Можа на брычках. Раней у гэтым Сэрцы грала цудоўная музыка, бо касцёл меў вялікі арган, які ў 1913 годзе адмыслова для яго зрабілі ў Варшаве. Стаіць ён там і зараз, толькі не грае. Зламаны, ды і няма каму.

А большасць вяскоўцаў усё ж такі ў царкву хадзіла. Вось, напрыклад, у такую, як царква Пераўтварэння Божага ў Порплішчах. 

А ў царкве гэтай выдатныя іканастас і ківоты, пераробленыя з уніяцкіх алтароў. Амаль з флемскім разьбярствам! Ну амаль 🙃. І з яшчэ адным цалкам захаваным уніяцкім алтаром, у якім старая, яшчэ канца XVIII стагоддзя скульптура Ісуса Назарэйскага, Цара Іудзейскага з дзіўнымі вусамі. Трэба думаць, такая мода была на той час. Не ў Іудзеі дарэчы, а ў Порплішчах 😇. Кажуць, гэты Ісус Назарэйскі дапамагае вярнуць скрадзеныя грошы. Раней дакладна памагаў, таму ёсць шмат пісьмовых сведчанняў. Але як зараз ён спраўляецца з біткойнамі, летапісы пакуль маўчаць.

А вернікаў ужо мала… Але ж сумесна са святаром сабралі грошы ды паставілі слупы пад нахілены купал царквы. Ну так, больш няма каму, толькі бабулькам, яны ж зараз у краіне рэстаўратары. Лепш так, чым зусім купал абрынецца ад дажджу ды снегу.

Лепш так.

Бо купал у царкве – гэта ўвасабленне Раю. А калі Рай абрынецца – што мы будзем рабіць далей?

P.S. Гэты дзіўны, дзіўны, але сыходзячы свет беларускага Паазер’я. 

Добавить комментарий